Беларускія традыцыі святкавання Каляд.

09.01.2023

       

У цёмныя зімовыя вечары нашы продкі збіраліся ўсёй сям’ёй, каб адзначыць самае галоўнае і ўрачыстае свята — Каляды. Беларускія традыцыі святкавання Каляд прайшлі праз стагоддзі і захавалася да нашых дзён, у некаторых мястэчках краіны яны і дагэтуль развіваюцца і ўзбагачаюцца.

А зараз паспрабуй уявіць сябе тым самым беларусам ці беларускай з мінулага, што ўвесь год з захапленнем чакалі Каляд, каб павесяліцца і смачна паесці, ды занурыся ў цёплую казачную атмасферу свята, прачытаўшы гэты тэкст.

 

Што гэта за свята — Каляды?

 

Назва свята — Каляды — мае язычніцкія карані. Лічыцца, што яна ўтварылася ад слова «кола», што азначае «сонца». Традыцыйна Каляды звязваліся з днём першага зімовага сонцастаяння і сімвалізавалі пачатак новага году — як сонечнага, так і сельскагаспадарчага. Святкаваць пачыналі 25 снежня, а заканчвалі 6 студзеня. Але калі на нашыя землі прыйшло хрысціянства, свята ўвабрала ў сябе новыя рысы: пачаткам Каляд стала Раство, а канцом — Вадохрышча. Зараз каталікі святкуюць Каляды па старых датах, а праваслаўныя вернікі адзначаюць свята з 6 па 19 студзеня.